“Падарожжа “Беларусь – мая родная старонка
Тэма: Абагульняючыя заняткі па раздзелу”Рэспубліка Беларусь”
Мэта: замацаваць веды вучняў аб роднай краіне; фарміраваць жаданне больш ведаць аб мінулым і сучасным сваёй Радзімы; выхоўваць любоў да Беларусі, яе чароўнай прыроды; вучыць паважаць людзей, якія жылі і жывуць на нашай зямлі.
Абсталяванне: карта Беларусі, сімвалы РБ, партрэты славутых продкаў, мультымедыя.
Эпіграф
Радзіма наша – Беларусь,
І колькі не шукай,
Не знойдзеш ты на ўсёй зямлі
Мілей, чым гэты край.
(Гучыць мелодыя песні “Мой родны кут”
Вучань. (Пад музыку чытае верш П. Прыходзькі)
Мая Беларусь!
Край Дняпра і Палесся,
Празрыстых азёраў і рэк,
Айчына бунтарскай купалаўскай песні,
Што ў сэрца запала навек.
Край фабрык, машын
І сівой Белавежы
Са свежкамі дужых зуброў.
Як Нёман – магутны
Як Нарач – бязмежны
І звонкі, як струны бароў.
Настаўніца
Беларусь – наша Радзіма. Гэта месца, дзе мы нарадзіліся і жывем. Радзіма – гэта наш дом, наша школа, наша вёска, нашы сябры, нашы суседзі, гарады, родныя палі і лясы. Гэта наша гісторыя, культура, традыцыі. Сёння мы адправімся ў падарожжа з прыгожай назвай “Беларусь – мая родная старонка”. Павандруем па родным краі, па гарадах і вёсках, палюбуемся чароўнай прыродай, выкажам павагу славутым людзям, якія жылі і жывуць на нашай зямлі, успомнім мінулае, паганарымся сучаснымі дасягненнямі беларусаў.
(Чытаецца эпіграф)
Вучань.
Калі хто мяне пытае:
— Ты адкуль? З якога краю?
Я адказваю заўсёды:
З Беларусі мілай роднай.
Там зялёныя бярозы.
Там на клёнах ззяюць росы.
Я душой усёй люблю
Сваю родную зямлю.
Настаўніца
Назавіце сталіцу Рэспублікі Беларусь.
Назавіце Прэзідэнта нашай краіны.
Якія дзяржаўныя сімвалы вы ведаеце? Раскажыце пра іх.
Вучань
Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь ўяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое мае дзве гарызантальна размешчаныя паласы: верхнюю – чырвонага колеру і ніжнюю – зялёнага. Каля дрэўца вертыкальна размешчаны арнамент чырвонага колеру на белым полі. Чырвоны колер з’яўляецца знакам Сонца. Ён сімвалізуе роднасць і братэрства. Чырвоны колер звязаны таксама з барацьбой за свабоду і справядлівасць. Гэта знак перамогі і шчаслівага жыцця. Зялёны колер – колер дабра і міру. Гэта колер прыроды. Белы колер – колер свабоды. Ён пераклікаецца з назвай нашай краіны – Беларусь.
Вучань
Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь змяшчае геаграфічны абрыс нашай краіны, накладзены на залатыя промні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. Зверху знаходзіцца пяціканцовая зорка. Герб абрамлены вянком з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева – ільну. Каласы, абвітыя чырвона-зянёнай стужкай, на якой унізе змешчаны подпіс золатам: “Рэспубліка Беларусь”.
Вучань
Гімн выконваюць ва ўрачыстых выпадках, як даніна павагі да краіны.
Мелодыю гімна нашай краіны напісаў Нестар Сакалоўскі, а словы належаць Міхаілу Клімковічу і Уладзіміру Карызне.
(Выконваецца гімн)
Гульня “Знайдзі герб і сцяг Рэспублікі Беларусь” (Работа ў групах)
( У кожнай групы картачкі з адлюстраваннем гербаў і сцягоў розных краін свету. Знайсці герб і сцяг Рэспублікі Беларусь)
Настаўніца
Сталіца Беларусі — Мінск. Мінск – самы вялікі горад нашай краіны. З 1919 года Мінск становіцца сталіцай нашай краіны. Першае летапіснае ўпамінанне аб ім адносіцца да 1067 года. У час Вялікай Айчыннай вайны Мінск быў амаль цалкам разбураны. Але за кароткі час ён адбудаваўся і стаў вельмі прыгожым. Сёння ў Мінску больш за 600 вуліц і праспектаў, шмат велічных і ўнікальных будынкаў. У сталіцы жыве і працуе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.
Старшакласнікі нашай школы нядаўна ездзілі на экскурсію ў горад Мінск. У нас ёсць відэафільм пра іх падарожжа. Яны пабывалі ў Нацыянальнай бібліятэцы і ў Хатыні. І зараз разам з імі мы павандруем па знакамітых мясцінах Мінска і Міншчыны.
(Дэманструецца відэафільм)
Настаўніца
Наша зямля дала свету такіх славутых, таленавітых людзей як Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына, Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас.
Вучань.
У Полацку жыла манахіня Ефрасіння – заступніца беларускай зямлі, асветніца, гуманістка. Яна сабрала выдатную бібліятэку, стварыла майстэрні, дзе малявалі іконы, перапісвалі і перапляталі кнігі.
Вучань.
Слава Францыска не ведае меж,
Птушкай яна абляцела краіны.
Новую кнігу ты ў рукі бярэш –
І адгукаецца рэхам – Скарыны.
Першадрукар беларускай зямлі
І слова народнага першапраходзец.
Сусветную славу яму здабылі
Кнігі, якія жывуць у стагоддзях.
Настаўніца.
Мы, беларусы, ганарымся нашымі выдатнымі пісьменнікамі Якубам Коласам і Янкам Купалам. Славутых сыноў нашай бацькаўшчыны, народных паэтаў Я. Купалу і Я. Коласа з пашанай называюць песнярамі зямлі беларускай. Яны ўмела перадалі ў сваіх творах любоў да Радзімы, прыгажосць беларускай прыроды, цікаўны жывёльны свет. Іх цудоўныя вершы яшчэ з дзяцінства кранаюць душу і сэрца кожнага беларуса.
Чытаць вершы Купалы і Коласа –
Найвялікшае свята.
Хай яно ўрачыста і молада
Увойдзе ў кожную хату.
( Вершы Купала і Коласа чытаюць вучні ).
Я. Колас і Я. Купала з’яўляюцца заснавальнікамі сучаснай беларускай мовы. Яны захавалі і данеслі да нас родную мову. Мы, беларусы, павінны ганарыцца сваёй роднай мовай. Яна прыгожая, сакавітая, лагодная.
Вучні
Дрыжыць прастор нябес грамовых
У родны край ідзе вясна.
Я зноў пра мову, зноў пра мову –
Яна, як маці, у нас адна.
Каб белы свет не здаўся вузкім,
Каб годна жыць паміж людзей,
Любіце мову беларуску,
Любіце з кожным днём мацней.
У ёй абсяг багроў быленых,
І поля мудрая душа.
То мова доктара Скарыны,
То мова дзеда Талаша.
Яна – жыцця першааснова.
Яна стагоддзяў зорны дым.
Калі забудзем, згубім мову,
Што скажам праўнукам сваім?
Настаўніца.
Багатая наша мова на прыказкі і прымаўкі. Якія прыказкі і прымаўкі вы ведаеце пра Радзіму?
(Вучні адказваюць)
Настаўніца.
У кожнага з нас ёсць яшчэ і свая маленькая Радзіма. Гэта той куточак, дзе мы нарадзіліся і жывём.
Гэты маленькі куточак самы лепшы ў свеце, самы дарагі, адзіны і непаўторны.Для вас гэта вёскі Мокрае, Янаўцы, Казлы. Падчас будаўніцтва аграгарадка “Жураўлінае” вёскі вельмі змяніліся, папрыгажэлі, набылі сучасны выгляд. Давайце яшчэ раз палюбуемся гэтай прыгажосцю.
(Відэафільм)
Настаўніца
Наша Радзіма невялікая, але вельмі прыгожая. (Паказаць на карце) Паглядзіце: бягуць стужкі рэк, глядзяць сваімі блакітнымі вачыма азёры, а колькі лясоў!
(Паказ слайдаў)
Наш родны беларускі край. Ён прыгожы і па-свойму адметны на поўначы і на поўдні, на ўсходзе і на захадзе. Там, дзе цячэ Дзвіна, у якую па-паўночнаму задумліва глядзяцца елкі і сосны, і пятляе між палёў Бярэзіна; дзе струменіць набіраючыся сілы, Нёман і шырыцца, выбіраючыся з балот Прыпяць, дзе гамоніць з высокімі берагамі Дняпро і трэцца хвалямі аб лодкі паўднёва-ласкавы Сож…
Ён, наш край, прыгожы і непаўторны сваімі рэкамі і азёрамі, сваімі лясамі і лугамі, сваімі сцежкамі і дарогамі…
Белавежская пушча і Браслаўскія азёры, Палессе і Свіцязь, Налібокі і Нарач, Бярэзінскі запаведнік і маленькая рэчка Проня – усё гэта наш родны край, наша спадчына.
Наша падарожжа працягваецца. Мы з вамі адправімся ў лес.
Гульня-драматызацыя
1 вучань
Сонечным вясеннім днём
Мы з сябрамі ў лес ідзём.
Вось прыгожая палянка!
А гэта хто?
(“Залятае” пчолка)
Усе
Пчолка
2 вучань
На кветках мы летам
Яе прыкмячаем
І часта за чаем успамінаем.
Настаўніца
Зайкі выйшлі пагуляць…
1 зайка
Давай як мячыкі паскачам!
2 зайка
Давай! (Скачуць)
Настаўніца
Вось галодная ліса…
Ліска
Ох, цікава, хто там скача?
Настаўніца
Зайчаняты ўцякаюць.
Трэніроўкі памагаюць!
Настаўніца
Ліска цяжка ўздыхае:
Ліска
Ох, прысяду на пянёк.
Адпачыну я, дружок.
Настаўніца
Мішка следам за лісой…
То направа павярнуў, то налева зазірнуў
Мішка
Дзе тут пчолы, дзе тут мёд?
Усе
Тут кругом маліны многа!
Тут цудоўныя мясціны!
Настаўніца
Вожык тупае сцяжынкай.
Вось прысеў ён пад дубок.
Вожык
Я хачу знайсці грыбок!
1 вучань
Як тут добра!
Як цікава!
Але скончылася гульня
За работу нам пара!
Настаўніца
Лес – вялікае багацце Беларусі. Ён заўсёды карміў і саграваў людзей, у цяжкі час быў надзейным абаронцам. Тут пражываюць разнастайныя жывёлы, растуць шматлікія віды раслін. Цябе чакае ў госці лес, напоены салодкім водарам кветак і ягад, гаркаватым пахам грыбоў… Будзь толькі добры з лесам, шчыры, і ён пакажа табе ўсе свае таямніцы, шчодра падзеліцца багаццем, што хавае ад благога вока. У РБ маюцца тэрыторыі, якія ахоўваюцца. Гэта запаведнікі, нацыянальныя паркі, заказнікі. Статус нацыянальнага парка маюць – Белавежская пушча, Браслаўскія азёры, Прыпяцкі запаведнік. Вельмі багаты і разнастайны жывёльны і раслінны свет запаведнікаў. Жывёльны свет Белавежскай пушчы налічвае больш за 10 тысяч відаў, з іх 59 відаў млекакормячых, у тым ліку і зубр. У лютым 1919 года была забіта апошняя зубрыца. Цяпер у пушчы жыве каля 300 зуброў. У Белавежскай пушчы расце каля 900 відаў раслін. Найбольш распаўсюджана сасна. Многа рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл: плюшч звычайны, піхта белая, вярба лапландская і другія, растуць дубы, якім па 500-700 гадоў, ёсць гіганты сосны, ёлкі, ліпы, бярозы. А ці ведаеце вы “самых-самых” на нашай зямлі мы зараз даведаемся.
Віктарына “Самыя, самыя…”
- Якая жывёла самая дужая ? (Муравей і жук–насарог. Муравей нясе цяжкасць у 50 разоў большую за сваю масу, а жук у 100 разоў)
- Якія птушкі самыя хуткія ў нас? (Сокал развівае скорасць да 300 км/г, стрыж да 170 км/г, качкі і гусі – да 100 км/г)
- Якая птушка ў нас самая малая і самая вялікая? ( Каралёк. Даўжыня не больш10 см. Самая вялікая – лебедзь-шыпун. Маса да20 кг.)
- Якая птушка самы лепшы дрэвалаз? (Попаўзень)
- Якая птушка самая вялікая ў нашых хвойных лясах? (Глушэц)
- Самае вялікае возера Беларусі, якое называюць “ беларускім морам”.(Нарач)
- Самая распаўсюджанная рыба ў Беларусі? (Плотка)
Ёсць яшчэ дзеці , якія збіраючы ягады, з карэннем вырываюць кусцікі чарніц, могуць каменнем кінуць у жывёлу, раскідаць муравейнік, птушынае гняздо. Чаму яны так робяць? Таму што яны яшчэ не палюбілі лес, таму што яшчэ не ведаюць, што чарнічны куст можа частаваць сваімі ягадамі 300 лет, што ў тым лесе, дзе ёсць муравейнікі, дрэвы менш хварэюць, што без птушынай песні мы не пачуем песні вясны. Трэба ўмець паводзіць сябе ў лесе. Ваша заданне – прадоўжыць сказы.
- Не шуміце ў лесе. Хадзіце ціха, асцярожна па лясных сцяжынках, каб (не спужаць птушак, звяроў.)
- Не астаўляйце і не закопвайце смецце ў лесе, каб (не засмечваць лес)
- Не разбівайце шкло, яно (небяспечна для жывёл)
- Не забірайце з лесу дамоў жывёл. Дома яны (загінуць)
- Не збірайце ў букеты рэдкія кветкі. Яны (знікнуць)
- Не чапайце ў лесе нікога: ні насякомых, ні жаб… . Пры сустрэчы з імі (ціха праходзьце міма).
- Не знішчайце ядавітыя грыбы. Яны патрэбны (лясным жывёлам).
- Муравейнікі патрэбна агароджваць, каб іх (не разбуралі жывёлы).
Мы часам забываемся, што прырода не толькі для нас адных. Беручы ў яе ўсё, чым яна з намі так шчодра дзеліцца, трэба думаць пра будучыню і абавязкова пакідаць ў ёй месца і той жа рэчцы, і таму ж буслу, і той жа травінцы, і таму ж мурашу. На ўсім зямным шары людзі зразумелі, што ахоўваючы прыроду – жывёл, раслін, глебу,- яны ахоўваюць багацце і прыгажосць роднай зямлі. Чалавек – абаронца жыцця на Зямлі.
Вучань.
Слаўню я свой край любімы,
Незгасальную зару.
Як ты сэрцу майму міла,
Дарагая Беларусь.
Залацістыя прасторы,
Незлічона ясных зор,
Рэкі, ціхія азёры,
Галасісты шумны бор!
Ты нас ласкай атуліла,
І я ў шчасці гавару:
Як ты сэрцу майму міла,
Дарагая Беларусь!
Настаўніца
Вось і закончылася наша падарожжа па родным краі “Беларусь – мая родная старонка”. Мы не змаглі пабываць ва ўсіх кутках беларускай зямлі, але тое, што ўбачылі і пачулі, спадзяюся закранула вашы сэрцы, выклікала пачуццё гордасці за мінулае нашай Радзімы, за яе сённяшні дзень.
Любіце, цаніце і паважайце сваю Радзіму!