«Чалавек і свет. Урок па тэме: «Ядомыя і ядавітыя грыбы. Правілы збору грыбоў». (Апаляйчук Н. М.)

Урок – падарожжа

Тэма: Ядомыя і ядавітыя  грыбы. Правілы збору грыбоў

Мэта:  — сфарміраваць у малодшых школьнікаў   уяўленні пра ядомыя і ядавітыя    грыбы,

іх   значэнне ў прыродзе, правілы збору;

— паказаць, чым небяспечныя для жыцця чалавека атрутныя грыбы;

— развіваць цікавасць да вывучэння прыроды;

— выхоўваць пачуццё ўдзячнасці навакольнаму асяроддзю.

Задачы: — сфарміраваць у вучняў уяўленне аб тым, што грыбы асобая група  жывых  арганізмаў ;

— пашырыць пэўнае ўяўленне аб найболей распаўсюджаных ядомых і ядавітых грыбах;

— вучыць параўноўваць, аналізіраваць, рабіць вынікі.

Форма правядзення : урок –падарожжа з элементамі даследавання

Абсталяванне: ЭСН, прэзентацыя “ Грыбы”, падручнік, сігнальныя карткі,  малюнкі дрэў, карткі з заданнямі, карткі па схеме “прырода”

ХОД УРОКА

 Ι.Арганізацыйны момант

Празвінеў і змоўк званок,

Ён сабраў усіх нас на ўрок.

Нашы вушкі на макушцы.

Вочкі шырока адкрыты.

Слухаем, запамінаем.

Ні хвілінкі не губляем.

     Урок сёння незвычайны, завіталі  госці. Гэта настаўнікі з розных школ нашага раёна. Давайце павітаемся. ( нахіл галавой)

—  Рабяты, якім бы вы хацелі бачыць наш  сённяшні  ўрок ?( добрым, вёсёлым, цікавым, пазнавальным, займальным, запамінальным, захапляльным, цудоўным )

З якім настроем, вы, сёння прыйшлі на ўрок?

Ваш настрой я прапаную адзначыць сігнальнымі карткамі.

( Настрой добры, падрыхтаваны да работы – сонейка. Хмарка – настрой так сабе, працаваць няма жадання)

І я таксама пакажу вам свой настрой ( сонейка)

Я бачу, што не ўсе паднялі сонейкі ,таму давайце пастараемся , каб у канцы  нашай працы ва ўсіх рабят  класа настрой быў цудоўны.

ΙΙ. Актуалізацыя  ведаў

Давайце прааналізуем надвор’е.

Хвілінка каляндара

1. Дата (18 лістапада, чацвер)

2. Стан надвор’я  (яснае, пахмурнае, воблачнае)

3. Вецер ( слабы, умераны, моцны)

4. Ападкі ( дождж, снег)

Сёння мы адправімся ў падарожжа па лесе

-Рабяты, а што такое лес? ( Гэта месца, дзе шмат дрэў)

Лес – гэта прыроднае згуртаванне, дзе растуць не толькі дрэвы і кусты, але і травяністыя расліны, жывуць звяры.

—                     Якое значэнне мае лес у прыродзе?( дом для раслін і жывёл, дарыць кісларод, растуць лекавыя травы, крыніца вады і ежы)

—                      А для нас, людзей, якое значэнне мае лес?( месца адпачынку, свежае паветра, крыніца вады)

І вось мы  ў лесе .  Слайд №1

— Чаму я не прапаноўваю праспяваць песню або ўключыць магнітафон? ( У лесе нельга шумець, птушкі і звяры разбягуцца.)

Рабяты нам прачытаюць верш, а вы  ўспомніце:

– Што такое прырода?

1.Ёсць на зямлі вялізны дом,

Пакрыты сінім дахам.

Жывуць там сонца, дождж і гром,

Вавёрка з вольным птахам.

2.Жывуць там луг і лес густы,

Мурашкі з матылькамі.

Жывём у гэтым доме мы

З бацькамі і сябрамі.

3.Той дом з усіх бакоў відзён

На сушах і на водах.

Запомні, што завецца ён-

Родная прырода!

–Дык  што такое прырода? (Усё тое, што нас акружае)

Якая бывае прырода? ( жывая і нежывая)

— Чым адрозніваецца жывая прырода ад нежывой? ( дыхае, харчуецца, расце, размнажаецца, памірае)

Гульня “ Хто ўважлівы”

Калі я буду называць з’явы жывой прыроды – хлапкі  ў далоні

З’явы нежывой прыроды – ціхенька сядзець.

Вясёлка, дрэва, трава, камень, птушкі, звяры, зоркі, сонца

Малайцы! Уважлівыя.

У час нашага падарожжа ,  мы будзем даследаваць  тое, пра  што  гаворыцца ў загадцы:

У зялёным гушчары,

Ля пянька або сасны,

Хто хаваецца у бары,

   У каляровым каптуры?

                                                 ( грыбы)      Слайд №2

 ΙΙΙ. Пастаноўка тэмы і мэты ўрока

Слайд №3  Сапраўды, размова пойдзе  пра  грыбы.

Тэма  нашага  падарожжа: Ядомыя і ядавітыя  грыбы. Правілы збору грыбоў

 Слайд №4 Мэта:  Мы павінны даследаваць з вамі,

— калі і як патрэбна збіраць грыбы, якія з іх ядомыя і ядавітыя;

— іх значэнне ў прыродзе;

—  чым небяспечныя для жыцця чалавека ядавітыя  грыбы;

ΙV. Новая тэма

Існуе, нават  цэлая навука па вывучэнню грыбоў.  Яна называецца “мікалогія”

( навука пра  грыбы)   “мікас” – грыб  “логас” — навука

 Слайд№5  ( вецер, дождж)  Што гэта?  (Прыход восені.)

Добры  дзень! Я пачула вашу размову. Дазвольце мне быць вашым правадніком. Ведаеце, хто я? ( гаспадыня восень) Самая грыбная пара года – восень. Шмат гасцей прыходзяць да мяне  і вяртаюцца з поўнымі кошыкамі  грыбоў. Слайд №6 ( грыбы)

Грыбы – гэта сапраўднае дзіва – не расліны і не жывёлы, а асобая група жывых арганізмаў. Шмат жывёл корміцца грыбамі. Любяць пачаставацца імі і людзі. Яны іх вараць,  смажаць, марынуюць, соляць.(слайд №7)

Людзей, якія збіраюць грыбы, як называюць? ( грыбнікамі)

— Сапраўднаму грыбніку,  патрэбна шмат ведаць. Таму  у час вашага падарожжа  будзе працаваць школа маладых грыбнікоў. Будзьце ўважлівыя.

-Хто з вас калі — небудзь збіраў грыбы?  Калі вы такія вопытныя грыбнікі , раскажыце якія грыбы вы ведаеце?

Гаспадыня –восень, вучні нашага  класа ўжо правялі даследаванні  і жадаюць падзяліцца сваімі меркаваннямі.

 Слайд №8 ( сыраежкі)

Сыраежкі . Сырыя сыраежкі звычайна не ядуць, бо нясмачныя, а вось падсмажаныя з бульбай у смятане, яны маюць цудоўны смак. Грыбы ў меру салодкія і мяккія. Па колеру сыраежкі даволі разнастайныя. Усяго іх налічваецца каля 60 відаў. Сыраежкі – самыя вынослівыя, самыя прыстасаваныя да любых кліматычных умоў грыбы. Растуць у ліпені – верасні ў хваёвых і змешаных лясах.

слайд№9 ( Ваўнянкі )

Ваўнянкі. Шапачка ваўнянкі па краях пушыстая, нібы ў белай аўчыне, слізкая, з наліплым лясным смеццем. Сапраўдная ваўнянка не любіць сонца і адчувае сябе выдатна толькі пад мохам ці апалым лісцем. Растуць грыбы вялікімі сем’ямі пераважна ў бярозавых лясах, ў жніўні- верасні. Іх соляць на зіму, папярэдне вымачыўшы. Яны маюць непаўторны смак і пах.

 Слайд №10 ( баравікі)

Баравікі – цэнныя ядомыя грыбы, якія ўтрымліваюць біялагічнага паходжання рэчывы, што падаўляюць рост бактэрый у арганізме чалавека. У нашых лясах найбольш распаўсюджаны тры віды баравікоў: бярозавы, яловы, сасновы. У грыба белая тоўстая ножка і вялікая карычневая шапка. На зрэзе грыб не цямнее – адсюль і назва – белы.

 слайд  №11( лісічкі)

Лісічкі. Маленькія лісічкі- сапраўды, як дружныя сястрычкі, паасобку не растуць, а нібыта водзяць вясёлы карагод. Іх адзін раз убачыш і на ўсё жыццё запомніш. Збіраюць грыбы ў хвойна-бярозавых лясах з мая па лістапад. Лісічкі  –грыбы экалагічна чыстыя. Іх можна смажыць, саліць, марынаваць.

 Слайд №12 ( маслякі)

Маслякі . Часцей  за ўсё маслякі можна знайсці ў сухім бары або маладых хваёвых пасадках. У грыбоў карычнева-шакаладныя слізкія капялюшыкі з прыліплымі ігліцаю і травінкамі. Пад шапачкамі – белая мяккая скурка, ножка белая, часта з колцам. Збіраць маслякі – адно задавальненне, бо яны амаль заўсёды растуць дружнай сямейкай.

ВОСЕНЬ   -Якія вы цудоўныя грыбнікі! Я вельмі задаволена, што сустрэлася з вамі. Але прабачце, калі ласка, у мяне мала часу, трэба завітаць і ў сад, і ў поле. Да пабачэння!

— Што ж, рабяты, вы напэўна стаміліся . Я прапаную пайсці пазбіраць грыбы. Устаньце калі ласка.

слайд №13

Фізхвілінка

Вось мы ў лес прыйшлі  ( маршыруюць)

Белы грыб знайшлі ( рукі на пояс, паказаць важнасць грыба)

Выраслі масляты    (прыселі і лёгка прыўстаць)

Дружныя рабяты

А апенькі-плясуны ( кавыралачка)

На палянцы скачуць

Капялюшыкамі машуць (махаюць рукамі)

Раз грыбок, яшчэ грыбок (нахіл уперад)

Паклалі ў сявок

Працягваем наша падарожжа.

— Як вы думаеце, грыбы – гэта жывая ці нежывая  прырода? ( жывая )

Чаму? ( грыбы  з’яўляюцца, растуць, паміраюць)

—  Якія   групы    жывой  прыроды вы ведаеце?  ( групу  жывёл і раслін )

—  А  якія часткі раслін вам вядомы?( корань, сцябло, галінкі, лісты, плод )

—  Ці  ёсць яны ў грыбоў? ( У грыбоў няма лістоў, галінак, сцябла)

-А што вы ведаеце пра  жывёл?  ( галава, хвост, канечнасці)

— Можам аднесці грыбы да  групы  жывёл? (не)

      Грыбы – гэта асобнае царства жывой прыроды. І ўсе грыбы, якія маюць шапачку, называюцца шапачкавымі грыбамі.  Грыбы, якія чалавек ужывае ў ежу, называюцца ядомыя. А цяпер мы з вамі будзем працаваць па групах. (даследуе пытанні)

Слайд №14                Даследчая работа

Работа па групах

Кожная група рыхтуе паведамленне на зададзеную тэму.

 Слайд №15

1 група. Будова грыба.

Грыб складаецца з шапачкі, ножкі  і грыбніцы. Грыбніца знаходзіцца пад зямлёй, падобна на тонкія белыя ніткі, якія цягнуцца ад ножкі ва ўсе бакі. Са спор, якія трапляюць у глебу, вырастае новая грыбніца – гэта і ёсць сам грыб. А тое,  што Знаходзіцца  на паверхні – яго плод.

Чаму грыбы называюць лясной агароднінай і лясным мясам?

У грыбах, як і ў агародніне, шмат вітамінаў і , як у мясе, шмат бялкоў. Прычым, ва ўсіх грыбах шапка пажыўная, чым ножка.

Слайд № 16-17

2 група. Ці патрэбны грыбы жывёлам лесу?

Шмат жывёл корміцца грыбамі. Гэта вавёркі, ласі, алені, іклыстыя дзікі. Таму, збіраючы грыбы, не забудзьце пакінуць грыбок на сучку для вавёркі

Слайд №18

Чым карысныя грыбы для раслін лесу?

Грыбы – патрэбныя лесу жывыя арганізмы. Грыбніца зрастаецца з каранямі дрэў, кустоў, травы, дапамагае ім усмоктваць ваду і раствораныя ў ёй спажыўныя рэчывы.

Слайд №19  Падвядзем  вынік  даследчай  работы

  ( вынік : Грыбы – птушкі, звяры,насякомыя- дрэвы, кусты, травы — чалавек)

Настаўнік – Вопытныя грыбнікі ведаюць, што многія грыбы любяць расці пад” сваімі” дрэвамі. Гэтыя дрэвы і грыбы дапамагаюць адзін аднаму. А вось якія грыбы пад якімі дрэвамі растуць, адгадайце самі.

І якой дарогай

Ён прыйшоў у бор,

Спелы, беланогі,

Дзіўны памідор? (падасінавік) яшчэ яго называюць чырвонагаловікам. Слайд № 20

 

Вось вам яшчэ загадка:

Увосень ля бярозкі

Сустрэліся цёзкі.

Што гэта за цёзкі

Сустрэліся ля бярозкі? Падбярозавікі  Слайд №20

У падбярозавіка таксама ёсць другое імя- бабка, ці абабак. Пэўна, за сціпласць, непрыкметнасць яго так назвалі.

 

А гэтыя грыбы растуць на старых пнях і называюцца апенькамі. Яны ядомыя, вельмі смачныя і смажаныя, і салёныя, і марынованыя. У апенькі капялюшык бураваты з лускавінкамі, мякаць белая з прыемным пахам.

 

Рабяты, давайце звернемся да  выставы, якую  мы рыхтавалі. Тут знаходзяцца кнігі, часопісы, у якіх змешчана шмат  інфармацыі пра грыбы. Зараз я адкрыю адну з іх ,і вы ўбачыце сапраўдных герояў. Кніга адкрываецца- казка пачынаецца. Слайд №21

Інсцэніроўка “ Лясны суд”

Аўтар. Паспрачаліся  аднойчы  жыхары  ляснога царства аб тым, ці патрэбен лесу грыб мухамор. Адвялі яго на суд. Суддзёй выступаў баравік, пракурорам- падбярозавік, адвакатам – падасінавік.

Суддзя.Слова мае пракурор.

Пракурор Я лічу, што мухамор лесу не патрэбен. Прырода надарыла яго прыгажосцю, аднак прыгажосць гэта хлуслівая. Яд мухамора выклікае вельмі моцнае атручэнне, якое часта прыводзіць да смерці. Людзі  не бяруць яго ў  свае кошыкі, збіваюць нагамі.

Суддзя. Слова мае абаронца падсуднага.

Адвакат. А я  лічу, што мухамор лесу патрэбны. Наш лес не быў бы такім прыгожым без  мухамора. Акрамя таго, ім лечацца ласі і сарокі. Нават людзі часам  ужываюць мухамор у якасці лекаў.

Суддзя . Аб’яўляю прыгавор: Мухамор лесу патрэбен. Забараніць  грыбнікам збіваць яго нагамі і знішчаць.

Казка аказалася яшчэ і карысная

Што трэба рабіць , калі  ў лесе сустракаюцца незнаёмыя грыбы? ( не дакранацца да іх рукамі, не класці ў кошык, не збіваць нагамі, спытаць пра іх у дарослых)

Слайд № 22  Правілы збору грыбоў (Зачытаць слайд)

1. Збірай грыбы, якія добра ведаеш.

2.Збірай грыбы з дарослымі.

3. Захоўвай грыбніцу

4.Беражы  старыя грыбы

5. Увесь час папаўней веды пра грыбы.

Рабяты,  як вы разумееце народную прымаўку: “Усякі грыб у рукі бяруць, ды не ўсякі ў сявок кладуць   ( ёсць ядавітыя грыбы)

 Слайд № 24

Ядавітыя грыбы

Мухаморы, бледная паганка, несапраўдныя апенькі – ядавітыя  грыбы. Найбольш небяспечная — бледная паганка. Шапачка у бледнай паганкі зеленаватая або белая, ножка ўнізе патоўшчаная і быццам вылазіць з горлачыка шырокага збанка. У  верхняй часцы махрыстае кольца. Да бледнай паганкі нельга нават дакранацца.У  ёй змяшчаецца моцны яд. Нават маленькі кавалачак гэтага грыба можа выклікаць вельмі моцнае атручванне, іншы раз смяротнае. (103)

Гульня “ Ядомае — неядомае”

Кожны з вас збярэ з прапанованых картачак “ядомыя “ грыбы у кошык.          ( кошыкі)

— Якія грыбы засталіся на партах? ( ядавітыя)

— Як жа паступіць з гэтымі грыбамі, якія могуць нашкодзіць здароўю.

Правакацыя : не  лепш будзе, калі мы іх знішчым? ( Гэтыя грыбы патрэбны лясным жыхаром, каб лячыцца. Існуе запавяць – усё жывое мае права на жыццё)

Падыміце ручкі высока-высока і плаўна апусціце сабе на галаву. Пагладзьце сябе! Малайцы!

Слайд № 24 Вынік: У прыродзе нічога няма лішняга!

Слайд № 25

Вось колькі цікавага і новага даведаліся мы пра грыбы! А рускі пісьменнік Сяргей Аксакаў назваў збор грыбоў ціхім паляваннем. Грыбнік  павольна ходзіць па лесе, часам напявае ці насвіствае любімую мелодыю, аднак грыбы нікуды не разбягаюцца, чакаюць калі вясёлы паляўнічы знойдзе сваю дабычу.

 V. Замацаванне ведаў

Слайд № 27  Залік

Я прыму у вас заклік

1. Грыбы – гэта  расліны . ( Асобае царства прыроды)

2.  Грыб мае наступную будову:  шапачка, ножка, грыбніца.

3. Смачны  грыбны суп з рыжыкаў, маслякоў, падбярозавікаў, мухамораў, апенек.

4. Самы ядавіты грыб- бледная паганка.

1

2

3

4

+

+

Вынік : Грыбы трэба  добра ведаць, тады яны будуць для нас сябрамі. Інакш яны могуць прынесці шкоду нашаму здароўю.

 VΙ. Д\з прачытаць артыкул у падручніку с. 29-33

Спытаць у сваіх бацькоў, што цікавага яны ведаюць пра грыбы.

 VΙΙ. Падвядзенне вынікаў , выніковая  рэфлексія

Пасведчанне. Добра працавалі на ўроку. Давалі правільныя адказы. Я вам уручу пасведчанні маладога грыбніка.

А цяпер вернемся да нашага настрою. Ці змяніўся ён ?  Падыміце свае сігнальныя карткі. 

 ( Сонейка , хмаркі )

А каб у нашых гасцей застаўся добры ўспамін пра нас, давайце ўручым ім гэтыя сувеніры.

 

 

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.